Свістун Яна
Веснавое сонейка шчодра дарыла сваё цяпло зямлі. На дрэвах набрынялі пупышкі, і з іх вось- вось павінны былі з’явіцца далікатныя зялёненькія лісточкі. Вецярок-свавольнік гнаў некуды па небе лёгкія беленькія хмурынкі. З вясёлым чырыканнем снаваліся ў паветры верабейчыкі. Усё вакол радавалася вясне.
Шпарка крочылі па шырокай вясковай вуліцы Васілёк і Аленка да сваёй бабулі.
Іх бабулю ў вёсцы ведае кожны. Ды і як не ведаць, калі яна тут першая майстрыха. Усё ўмее бабуля Ганна: і прасці, і ткаць, і вышываць, і казку расказаць. Ды ўнучкаў сваіх вучыць таму, што сама ўмее.
— Добры дзень, бабуля, — прывіталіся дзеці, зайшоўшы ў хату.
— Заходзьце, заходзьце, мае даражэнькія. А я перад святам уборкай занялася. Дапаможаце? – спыталася бабуля Ганна.
— Канечне, — у адзін голас адказалі Васілёк і Аленка.
— А якое ж гэта свята будзе? – пацікавілася Аленка.
— Благавешчанне. Вельмі вялікае свята. Яму ў народзе надаюць асаблівую павагу. Кажуць, што на Благавешчанне дзеўка касы не пляце, а птушка гнязда не ўе. А яшчэ кажуць, што на гэтае свята бусел павінен яйка знесці, — патлумачыла бабуля.
— А я ўжо бачыў буслоў. Бачыў, як яны кружыліся над нашай вёскай. І столькі многа іх было, што мне тады падумалася: нездарма У.Караткевіч назваў нашу Беларусь “зямлёю пад белымі крыламі”, — прамовіў Васілёк.
— Вазьмі, унучак, калаўрот ды вынесі, калі ласка, яго ў кладоўку, каб у хаце не замінаў, — папрасіла бабуля ў Васілька.
Ставячы калаўрот у куток, хлопчык прабег вачыма па паліцах, на якіх стаялі збанкі, спарышы, па кроснах і падумаў, што бабуля не спяшаецца развітвацца з рэчамі, якімі цяпер у вёсцы мала хто карыстаецца. На лаве Васілёк убачыў стос старых газет. Яго ўвагу прыцягнуў фотаздымак: побач з дарогай хадзіў чорны бусел.
— Бабуля, Аленка, паглядзіце, што можа быць на свеце, — сказаў Васілёк, працягваючы ім газету.
— Ды не можа гэтага быць! — ускрыкнула ўражаная Аленка. – Нам жа ў школе казалі, што чорны бусел – птушка вельмі асцярожная, месцы для гнездавання выбірае такія, куды не заглядвае чалавек.
— І правільна казалі, — заўважыла бабуля. – А ці ведаеце вы, як з’явіліся ў нас чорныя буслы?
— Не, — адказалі Васілёк і Аленка. – Раскажы, бабуля, раскажы, калі ласка.
— Ну добра, слухайце. Вельмі даўно ўсе буслы былі белыя. Гнёзды рабілі на зямлі непадалёку ад рэк і азёр, каб не лётаць далёка па спажыву. Ды толькі часта прыходзілася ім перарабляць свае наседжаныя месцы, бо разбуралі гнёзды дзікія звяры, размывалі вясеннія паводкі. І вырашылі тады буслы падацца бліжэй да людзей. Пачалі сяліцца на стрэхах. А людзям падабалася такое суседства, бо бачылі, якую карысць прыносяць гэтыя птушкі. Ды і нараджэнне немаўлятак таксама чамусьці звязвалі з бусламі. Пачалі людзі на стрэхі, на высокія дрэвы ўсцягваць старыя колы ад вазоў, каб на іх буслам зручней было гнёзды рабіць.
Пасяліўся ў адным двары на страсе бусел Клёка (такое незвычайнае імя меў таму, што вельмі любіў паклекатаць). Пачаў галінкі насіць ды пераплятаць іх, гняздо ладаваць. А бусел Чэлі (любіў гэты бусел казаць дзе трэба і дзе не трэба “чэ-лі”, таму так яго і назвалі) абраў для сваёй буслянкі кола на дрэве. Не вельмі ён стараўся, каб гняздо было трывалым, бо лічыў, што кола – добрая і надзейная аснова для буслянкі. Ішоў час, гнёзды былі амаль ужо гатовы. Ды трэба ж было здарыцца страшэннай буры. Гняздо Клёкі падчас яе і не зварухнулася, а ад буслянкі Чэлі і знаку не засталося. Пачаў Чэлі ў сваім няшчасці чалавека абвінавачваць.
— Я яму такое зраблю, — казаў ён свайму суседу Клёку, — што ўсё жыццё мяне памятаць будзе: прынясу тлеючую галавешку ды пакладу на страсе, каб і ён, як я, без прытулку застаўся.
— Апамятайся! Што ты такое кажаш?! – заклекатаў Клёка. – Хіба чалавек вінаваты ў тваім няшчасці? Паглядзі на сябе, які ты стаў. Ты ж увесь пачарнеў ад памсты ды злосці.
Паляцеў Чэлі да ракі, зірнуў на сябе і жахнуўся: на яго глядзеў не белы, а чорны бусел.
Сорамна стала Чэлі перад суродзічамі за свой выгля, за свае словы. І вырашыў ён падацца ў глухі цёмны лес, што рос за ракой. У самым гушчары выбраў старое высокае дрэва і зрабіў там буслянку. Ды ўжо не ленаваўся, а шчыраваў, каб ніякая бура яго гняздо растрэсці не змагла.
Аказваецца, не толькі Чэлі апынуўся ў такім становішчы. Як потым ён дазнаўся, за некалькі кіламетраў ад яго пасяліўся другі чорны бусел, трэці, чацвёрты…
Кажуць, нібыта ад іх і пайшлі ў нас чорныя буслы.
— Якая цікавая казка, бабуля, — прашчабятала Аленка. – Вось, аказваецца, да чаго могуць прывесці злосць і помста. Але што ж гэта мы? Давайце будзем прыбіраць.
І работа закіпела.