Ніка Крысціна
Жыла-была курачка Раба. І былі ў яе любімыя дзеткі – дачушка Сакатушка і сыночак Пецечка. Сакатушка па двары хадзіла разам з маці, зерне збірала. Усё яе цікавіла тут: то яна падыме галоўку да сонейка і радасна ўсміхнецца, то за матыльком паімчыцца наўздагон, то любуецца кветачкамі, то з непаседам-ветрыкам гуляе. Пакліча яе матуля – яна хуценька бяжыць на матулін голас. Нікуды далёка не адыходзіць Сакатушка са двара без матчынага дазволу.
А вось Пецечка непаслухмяным рос. Не сядзелася яму ў двары, цягнула яго поле, рэчка, лужок. Тут, на шырокім прасторы, і бавіў Пецечка свой час, пакуль не бачыла матуля.
Аднойчы зайшоў пеўнік на пшанічнае поле. Якраз стаяў час жніва. Па полі, нібы вялізны карабель, хадзіў камбайн. Пецечка зацікавіўся працай людзей. Ён бачыў, як машына заграбае калоссе, потым выкідвае салому, а зерне на хаду ссыпае ў кузаў машыны, якая павольна рухаецца па полі побач з камбайнам.
Вось прасыпалася некалькі зярнятак, вось яшчэ. Пецечка дзяўбе зярняткі, ласуецца. Ах, якія яны смачныя!
А сонейка ўжо ўзбіраецца пад поўдзень. Горача пеўніку, душна. “Ой, якая спёка! Не магу больш трываць! А што калі збегаць да возера, акунуцца ў ваду, крыху асвяжыцца?” – думае Пецечка.
І вось ён рашуча накіраваўся да вады. Забыў пеўнік, што матуля кохную раніцу яго папярэджвала:”Малы ты яшчэ, сыночак. Нельга самому хадзіць купацца, можаш утапіцца. Ты ж плаваць не ўмееш”.
Пецечка, разамлелы, гарачы, з разбегу кінуўся ў ваду. Ах, якая асалода! Але што гэта? Звяло крыльцы, лапкі сталі нібыта чыгунныя, цягнуць углыб. Хоча крыкнуць пеўнік, каб ратавалі, але раскрывае дзюбку, а крыку не чуваць.
Тут Пецечку і канец быў бы, каб не сядзеў з вудаю ў гэты час на возеры шасцікласнік Васілёк. Убачыў ён, што пеўнік тоне, смела кінуўся ў ваду на дапамогу. Падплыў да Пецечкі і выцягнуў яго на бераг. Ляжыць пеўнік, не варушыцца. Успомніў Васілёк, як вучылі яго на ўроках АБЖ дзейнічаць у такіх сітуацыях, і аказаў пацярпеламу першую дапамогу. А калі Пецечка ачуняў, калі яму стала значна лепш, хлопчык адвёў яго дахаты.
Гэта казка, сябры. Але колькі такіх здарэнняў на вадзе бывае ў рэальным жыцці!
Помніце аб гэтым, Пецечкі, Ганначкі, Васечкі, Міколкі.