Бахар Ганна
Гэтага дня Міколка чакаў з асаблівым хваляваннем. Чаму? Ды таму, што набліжаўся не просты дзень, а Дзень яго нараджэння, дзень, калі яму споўніцца 10 гадоў.
Была нядзеля. Міколку не спалася. На душы было радасна, а сэрца праста спявала, бо настаў гэты доўгачаканы дзень. Хлопчык устаў, зрабіў зарадку, памыўся, апрануў свой святочны касцюм, які падрыхтаваў яшчэ ўчора звечара, і тут жа заспяшаўся на кухню, каб дапамагчы матулі. Мама ўсё ўжо падрыхтавала. Патрэбна было толькі сервіраваць стол. Міколка дапамог расставіць талеракі, побач паклаў відэльцы і лыжачкі, паставіў кубачкі. На сярэдзіну стала мама паставіла прыгожы торт, побач паставілі вазачкі з пячэннем, цукеркамі, фруктамі і другія прысмакі. Засталося толькі дачакацца гасцей. Мама ў гэты дзень вырашыла не перашкаджаць Міколку і пайшла да суседкі бабулі Веры.
І вось у дзверы пазванілі. Міколка падбег да люстэрка, уважліва агледзеў сябе і пайшоў адчыняць. На парозе стаялі сябры: Сягрейка, Петрык і Кацярынка. Яны трымалі букеты, якія закрывалі іх тварыкі, і падарункі. Міколка прыняў падарункі, падзякаваў сябрам і запрасіў іх да стала. Дзеці частаваліся, гулялі ў розныя гульні, весяліліся, спявалі песні. Ва ўсіх быў цудоўны настрой.
Праз некаторы час Міколка вырашыў паглядзець, што яму падарылі сябры. Ён пачаў разбіраць падарункі. Аказалася, што Сяргейка падарыў займальную настольную гульню. Кацярынка — цудоўны футбольны мяч. А Петрык – піратэхніку. Міколка быў у захапленні ад падарункаў, асабліва ад Петрыкавага. Ніхто раней не дарыў яму такіх незвычайных падарункаў.
— Вось гэта здорава! У мяне ёсць свой уласны салют! – радасна сказаў хлопчык.
— А давайце яго зараз запусцім, — прапанаваў Сяргейка. – На дварэ ўжо прыцемкі, прыгожае будзе відовішча.
Міколку самому не цярпелася гэта зрабіць, таму ён адразу ж згадзіўся:
— Давайце! Пабеглі хутчэй на двор!
Калі ўсё было гатова, хлопчыкі падпалілі феерверкі. Праз некалькі секунд неба было расквечана рознакаляровым салютам. Толькі што гэта? Адзін феерверк паляцела не ўверх, а ў бок хлява бабулі Веры, дзе яна трымала курэй, і ўпаў на дах. Дзеці не ведалі, што рабіць. Яны стаялі і разгублена пазіралі, як пачынае брацца агонь.Спярша нясмела, апотым усё больш і больш. Першым апамятаўся Міколка:
— Хлопчыкі, пабеглі тушыць пажар! А ты, Кацярынка, бяжы і тэлефануй па нумары 101, раскажы, што здарылася.
Агонь браўся не на жарты. Не паспелі хлочыкі вырашыць, як будуць тушыць пажар, як, пранізваючы цішыню вечара гучнай сірэнай, праз некалькі хвілін на месца здарэння прыбыла машына МНС. З дома выбегла бабуля Вера, Міколкава мама, пачалі збірацца людзі.
Пажарныя працавалі хутка і зладжана. Праз некалькі хвілін пажар быў патушаны, курачкі бабулі Веры выратаваны. Пажарныя падышлі да дзяцей і растлумачылі ім, якую небяспеку поіць піратэхніка і якія наступствы могуць быць, калі яе запускаюць дзеці, папярэдне не пазнаёміўшыся з інструкцыяй, а самае галоўнае — без нагляду дарослых.
Дзеці зразумелі сваю памылку і паабяцалі пажарным, што будуць вельмі асцярожныя з агнём самі і аднакласнікаў сваіх папярэдзяць. А Міколка, Сяргейка і Петрык настолькі былі ўражаны дзеяннямі пажарных, што вырашылі: вырастуць – абавязкова стануць пажарнымі, будуць змагацца з агнём, калі ён будзе выходзіць з-пад улады чалавека.