Пасланне сябру «Чаму свету патрэбна цярпімасць?»

  • Автор записи:
  • Комментарии к записи:0 комментариев

Свістун Яна
Прывітанне, мой амерыканскі сябар!
У нас ужо вечар. Чарговы шчаслівы дзень для мяне закончыўся. Сёння ў школе я атрымала чатыры выдатныя адзнакі. Мае бацькі жывуць у згодзе і каханні. Я іх вельмі-вельмі люблю і імкнуся прыносіць ім кожны дзень толькі радасць.
…За акном ціха-ціха. Сяджу на падаконніку, прыціскаю да сябе плюўавага мядзведзіка – мой дзіцячы талісман – і ўглядаюся ў сіні аксаміт неба. Яшчэ імгненне – і на небе ўспыхвае адна зорка, другая, трэцяя…
Высокае магічнае неба. Яно адно на ўсіх людзей нашай такой безабароннай у Сусвеце жывой планеты. Пэўна, адзін Бог ведае, ці ёсць яшчэ жыццё ў космасе. Зямля ў нас адна на ўсіх. І зоркі, і месяц, і сонейка аднолькава ўсміхаюцца ўсім, табе і мне, дораць нам свой свет, цяпло, прыгажосць. Там, у высокім неабсяжным небе, усё прыгожа і гарманічна. Чаму ж на Зямлі ўсё інакш? Чаму людзі, ахопленыя прагай нажывы, забываюць пра сваю планету, не берагуць, не ўпрыгожваюць яе, як маленькі Прынц, а наадварот, губяць прыгажосць, губяць цывілізацыю, губяць жыццё на Зямлі?
Ведаеш, а высокае магічнае неба падобна на люстэрка. У ім адлюстроўваецца ўсё, што адбываецца з кожным з нас: нашы ўчынкі, нашы мары і надзеі.
На жаль, у навакольным свеце так мала добрых учынкаў!
У адной старой казцы спыталі мудраца: “Які самы важны час у жыцці? Які самы значны ў жыцці чалавек? Які ўчынак у жыцці найважнейшы?” І адказ быў такі: ”Самы важны час – гэта цяперашняе імгненне, таму што мінулае імгненне прайшло, а будучае яшчэ не настала. Самы значны чалавек у тваім жыцці – той, які зараз перад табой і якому ты можаш зрабіць дабро. А самы важны ўчынак – у гэтае імгненне гэтаму чалавеку даць усё добрае, што можаш”.
Павучальная казка, праўда? А ў жыцці дабро чамусьці ходзіць у адзіночку. Зло аб’ядноўваецца дзеля зла. Быць цярпімым да хлусні, злачынства, зла, праяўлення нянавісці, гвалту, на мой погляд, нельга. Хоць і вучыць рэлігія некаторых народаў не трывожыцца і ісці сваёй дарогай, быццам нічога не здарылася, калі хтосьці ў гневе ўдарыў або абразіў цябе.
…Еду ў аўтобусе. Час пік. На месцы, прызначаным для дзяцей і інвалідаў, сядзіць юнак з навушнікамі і мабільным тэлефонам. Побач стаіць пажылая жанчына.
Мяне ўразіла, што ў маладога чалавека не знайшлося ні кроплі спачування. Ён вёў сябе нахабна, як бы гэтай жанчыны побач зусім не было, і наогул, не было нікога, акрамя яго аднаго! А калі б гэта была яго маці ці бабуля? Прыкра бачыць такую душэўную чэрствасць.
…Па вуліцы ідзе дзяўчына. Стомленая, сумная. Ад яе адвярнуліся сябры. Ёй не хочацца жыць. Усе ведаюц: у яе жудасны дыягназ – СНІД.
Дзяўчына спрабавала пакончыць жыццё самагубствам, але ў апошнюю хвіліну ёй выпадкова працягнуў руку дапамогі незнаёмы чалавек…
Яна засталася жыць. Апошнія гады свайго жыцця яна асабліва цаніла і берагла прыгажосць кожнага пражытага дня. Ведала: такіх дзён ёй адмерана вельмі мала. На жаль, хвароба ўзяла сваё…
А што рабіць, калі СНІДам захварэў твой сябар? Твой лепшы сябар, здаровы, ні ў чым не вінаваты, стаў ахвярай гэтай страшнай хваробы!
Канешне, наяве няхай гэта не здарыцца ніколі. Але калі ўсё ж такі захварэў? Што тады рабіць? Прынізіць, закінуць, як нешта ганебнае і непатрэбнае?
Паспрабуй паставіць сябе на яго месца. Я не ведаю, што зраблю. Але веру, што (не дай Бог гэтаму здарыцца) змагу падтрымаць яго, усяліць у яго веру ў бессмяротнасць душы, веру, што ён паспее яшчэ зрабіць многа добрага. Не, я не адвярнуся ад яго.
Тысячы людзей ва ўсім свеце сёння паміраюць ад СНІДу. СНІД – забойца нумар два. Забойца нумар адзін – вайна. Ваенныя канфлікты, тэрарыстычныя акты, палітычныя гульні…
Ваш прэзідэнт нецярпліва супрацьракетныя ўстаноўкі ўсюды ставіць і дэмакратыю ўсталёўвае. Навошта? Дзеля нажывы? Дзеля ўладарства ва ўсім свеце? Веру, што простым людзям, табе і мне гэта не патрэбна: у такіх абставінах усе мы пасажырамі “Тытаніка” сябе адчуваем.
А як хочацца кожнаму верыць у заўтрашні шчаслівы дзень, жыць у спакоі, кахаць і быць каханым! Хіба няма на свеце сілы, якая б змагла спыніць варожыя канфлікты? Вучоныя падлічылі, што за ўвесь час існавання чалавецтва ў міры яно пражыло толькі два тыдні!
Мая бабуля гаворыць: “Людзі сталі страшэнна нецярпімымі адзін да аднаго. Трэба вучыцца быць цярпімым, трэба цярпліва зносіць нават непрыхільныя нам погляды, вераванні, думкі, густы…”
Магчыма, гэта і так. Але ці зможа цярпімасць простых людзей выратаваць зямную цывілізацыю ад страшэннага няшчасця? Ці зменяць свае нечалавечыя памкненні, ці стануць цярпімымі тыя, хто правіць светам?
Напэўна. Калі ўсе чэсныя людзі зямлі аб’яднаюць свае намаганні. Зямля чакае выратавання не ад іншапланецян – ад нас. Мы павінны абараніць жыццё на зямлі. Інакш навошта тады мы жывём на гэтай найпрыгажэйшай з планет?
… Ноч ціха апусцілася на зямлю. Нябесны купал шчодра ўсыпаны зоркамі. Усміхаюся свайму плюшаваму мядзведзіку. На памяць прыходзяць словы М.Багдановіча:
Навошта ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?
Да пабачэння, мой далёкі сябар. У цябе ўжо пачынаецца новы дзень. Няхай ён будзе радасным і шчаслівым. А мне, спадзяюся, прысняцца добрыя сны.
З павагай твая беларуская сяброўка Яна.

1368950101619

Добавить комментарий