Свістун Яна
У пятніцу, павячэраўшы, тата, мама і Петрык глядзелі тэлевізар. Раптам ў калідоры зазваніў тэлефон. Тата падышоў і ўзяў трубку. Званіў дзядуля. Ён казаў, што над іхняй вёскай прайшоў ураган і нарабіў шмат бяды; у іх, праўда, абышлося: вецер сарваў толькі некалькі лістоў шыферу з даха.
— Нічога, бацька, не хвалюйся. Заўтра мы з Петрыкам прыедзем да вас і ўсё паправім, — сказаў тата.
Петрыкавы дзядуля і бабуля жывуць у вёсцы. Хлопчык заўсёды з вялікім задавальненнем прыязджаў да іх на канікулы. Наведваліся яны часта і ўсёй сям’ёй, каб дапамагчы дзеду і бабулі хутчэй справіцца з работамі, якіх заўсёды хапала ў вёсцы.
Ужо седзячы ў машыне, Петрык уяўляў, як будуць яму рады сабака Дружок і фанабэрысты кот Мацвей. Марыў хлопчык і пра сустрэчу са сваімі вясковымі сябрамі.
Вось і вёска – астравок татавага дзяцінства. Машына заехала на панадворак. З хаты насустрач выйшлі дзядуля і бабуля. Яны вельмі абрадаваліся прыезду сына і ўнука.
Адразу ж тата агледзеў дах, і яны з дзедам узяліся за работу. Як мог, ім дапамагаў Петрык. У яго нават не было часу, каб збегаць да сваіх сяброў.
Сонейка ўжо пачало памалу апускацца за гарызонт, калі шыфер быў пакладзены. Тата вырашыў агледзець дах з гары. Следам за ім палез і Петрык. Тут панаваў паўзмрок. І вось тата спыніўся, а Петрык нават ускрыкнуў ад нечаканасці: праз маленькае акенца, што было пад самым дахам, выпырхнула сарока.
— Паглядзі, сынок, дзе вырашыла сабе гняздо зрабіць, — сказаў тата, паказваючы на галінкі, пер’е, вату, прынесеныя сарокай.
— А я сёння цэлы дзень чуў, як яна трашчала на ўсю вуліцу, — дадаў Петрык.
Калі спусціліся з гары, тата пайшоў з дзедам, а Петрык кінуўся да бабулі з роспытамі.
— Так, унучак, жыве ў нас сарока, — казала бабуля. — Ведаеш, яна такая ахайная птушка. Мы з дзедам адзін раз назіралі за ёй.
Сядзела спачатку наша прыгажуня на клёне. Доўга чысціла свае пёркі, атрасалася. Потым пераляцела з дрэва на плот і адтуль ужо хацела зляцець
на зямлю. Але ёй увесь час перашкаджалі: то сабака, то дзеці, то машыны. Наканец вуліца апусцела. Сарока зляцела з плота, важна падышла да
лужыны. І тут нечакана птушка акунула галаву ў ваду, а потым ужо ўсё цела. Уяві сабе, унучак, сарока пачала ныраць. Уволю накупаўшыся ў бруднай вадзе, яна села на плот і пачала сушыць мокрае пер’е на сонейку.
Але хутка лужына высахла, і купацца сароцы ўжо не было дзе.
Петрык з вялікай цікавасцю слухаў бабулін расказ. А яна працягвала:
— Мы з дзедам колькі жывём, а такога бачыць не даводзілася. Ведалі, што купаюцца вераб’і , галубы, а каб сарока…
Гісторыя пра незвычайныя паводзіны сарокі здзівіла Петрыка. Пад яе ўражаннем хлопчык вырашыў падзяліцца з бабуляй сваёй таямніцай.
— Помніш, бабуля, мне тата на дзень нараджэння падарыў сцізорык. Той самы, які я браў у лес, калі мы з дзедам па грыбы хадзілі. Хлапчукі з нашага двара прасілі, каб памяняў ножык на маркі, цацачны пісталет ці нават на футбольны мяч. Але я іх не слухаў, бо для мяне не было нічога лепшага на свеце, чым мой складны ножык.
Неяк у двары я сутыкнуўся са сваім прыяцелем Мішкам. У яго быў такі важны выгляд, што я не прамінуў запытацца: “ Чаго ты такі радасны? Добрую адзнаку ў школе атрымаў?” Мішка пакачаў галавой і дастаў з-за спіны каробку, у якой сядзеў верабей. Птушка была вельмі спалоханая. Да лапкі Мішка прывязаў вяровачку, за якую трымаў вераб’я, каб той не паляцеў. Мне стала так шкада небараку, што я, не задумваючыся, прапанаваў Мішку абмяняць птушку на сцізорык. Канечне, мой прыяцель адмовіцца ад такога не змог. Як толькі каробачка апынулася ў маіх руках, я хуценька дастаў вераб’я, адвязаў вяровачку і выпусціў птушачку на волю.
Ведаеш, бабуля, я чуў, як у гэтага верабейчыка б’ецца маленькае сардэчка. А маё сэрца ад радасці таксама гатова было выскачыць з грудзей.
Дома я вырашыў не казаць пра абмен з Мішкам, а сказаў бацькам, што згубіў сцізорык. Не хацелася, каб яны не крычалі.
За гэты час, бабуля, я ніколі не пашкадаваў, што абмяняў свой ножык на жыццё птушкі. А калі бачу неўгамонных вераб’ёў, то мне здаецца, што сярод іх ёсць і той, якога я выратаваў.
— Ты, унучак, правільна паступіў, — сказала бабуля. – А ножык мы з дзедам табе новы купім, нічым не горшы за той, што быў.
Ужо засынаючы, Петрык чуў, як бабуля казала дзеду і тату:
— Слаўны расце ў нас хлопчык, з добрым і чулым сэрцам.